ГРО́ДЗЕНСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,

самабытная арх. школа, якая склалася ў 12 ст. ў Гродне. Пабудовы Гродзенскай школы дойлідства вызначаліся арыгінальнымі сродкамі выразнасці — выкарыстаннем у роўнаслаёвай муроўцы з плоскай цэглы (плінфы) дэкар. прыроднага каменю (абчасаных, паліраваных валуноў), геам. кампазіцый з каляровых паліваных кафляў, наборнай маёлікавай падлогі з плітак разнастайных формаў. Для аб’ёмна-прасторавых кампазіцый характэрна адносна невял. таўшчыня апорных канструкцый, круглая і гранёная форма ўнутр. слупоў. Каб палепшыць акустыку, у верхнія часткі сцен умуроўваліся керамічныя збаны (галаснікі). Узоры Гродзенскай школы дойлідства — Гродзенская Ніжняя царква, Гродзенская Барысаглебская царква, Гродзенская Прачысценская царква, Гродзенскі княжацкі церам, царква ў Ваўкавыску (сярэдзіна 12 ст.; у 1956 выяўлены рэшткі падмурка на замчышчы).

т. 5, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)